ПЯ́ТАЯ РЭСПУ́БЛІКА ў Францыі,
палітычны рэжым паводле дзеючай канстытуцыі 1958 (падрыхтавана ўрадам Ш. дэ Голя, прынята рэферэндумам 28.9.1958, уведзена ў дзеянне 5.10.1958). Для рэжыму П.р. характэрны вял. паўнамоцтвы выканаўчай улады, асабліва прэзідэнта (адначасова вярх. галоўнакаманд. ўзбр. сіламі) пры абмежаванні правоў парламента. Прэзідэнт мае права распусціць Нац. сход (ніжнюю палату парламента) і прызначыць новыя выбары, а ў выпадку надзвычайных абставін — прыняць на сябе ўсю паўнату ўлады. Урад адказны перад парламентам і фарміруецца з прадстаўнікоў партый, чые фракцыі складаюць большасць у Нац. сходзе. Прэзідэнт прызначае прэм’ер-міністра (звычайна лідэра партыі, што перамагла на выбарах у Нац. сход) і па яго рэкамендацыі міністраў. З кастр. 1962 прэзідэнта выбіраюць прамым усеагульным галасаваннем. Франц. П.р. — прамежкавы паміж парламенцкай рэспублікай і прэзідэнцкай рэспублікай тып рэсп. дзярж. ладу («паўпрэзідэнцкая рэспубліка»). Гл. таксама раздзел Дзярж. лад у арт. Францыя.
т. 13, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)